ЭЛЕКТРАСТЫМУЛЯ́ЦЫЯ СЭ́РЦА, кардыястымуляцыя,

рытмічнае ўздзеянне эл. імпульсамі рознай магутнасці і частаты на сэрца з дыягнастычнымі і лек. мэтамі. Для Э.с. выкарыстоўваюць экстракардыяльныя (вонкавыя) і інтракардыяльныя (імплантуюць у цела чалавека) спец. прыборы — электракардыястымулятары з пастаяннай крыніцай сілкавання.

Дыягнастычную электрастымуляцыю перадсэрдзя і жалудачкаў праводзяць генератарам імпульсаў пастаяннага току рознай частаты. Пры гэтым ацэньваюць функцыі аўтаматызму, праводнасці, удакладняюць лакалізацыю і механізмы парушэння рытму і праводнасці, падбіраюць лек. сродкі для лячэння арытмій сэрца. Лячэбная Э.с. бывае часовай і пастаяннай, жалудачкавай і перадсэрдзевай, радыёчастотнай і інш.; найб. пашырана эндакардыяльная. Паказанні: перыяд. спыненне сэрца, параксізмальная тахікардыя і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)